Спарыш (сімвал)
Спарыш — арнаментарны сімвал, які азначае плённасць, распаўсюджаны збольшага ва ўсіх індаеўрапейцаў. Сімвал таксама выкарыстоўваўся Белым легіёнам, але з іншым тлумачэннем.

Этымалогія
Паводле даследчыкаў, слова «спарыш» першапачаткова пазначала падвойнае зерне альбо падвойны колас, які трактаваўся як увасабленне ўдачы і плоднасці. Беларусы давалі такія каласы каровам, каб тыя добра радзілі, з каласоў плялі вянкі, варылі «брацкае піва», адкусвалі калоссе зубамі — на ўдачу. Корань слова хаваецца ў шматлікіх мовах: старадаўнеславянскае «спорый» — «багаты, удалы, тлусты», лацінскае «prosper» — «шчаслівы, прыбытковы» і гэтак далей.
У фальклоры
З міфалогіі і арнаментальнай традыцыі вынікае, што Спарыш — сімвал плоднасці, распаўсюджаны як у славян, так і ў большасці іншых індаеўрапейцаў. Гэта працяг міфу пра багоў-блізнятаў, роднасны балтыйскаму Юмісу, старажытнаіндыйскім Ашвінам.
Калі паглыбляцца ў распаўсюджанасць спарыша, то можна выйсці і на сімволіку старажытных баявых калясніцаў з двума запрэжанымі коньмі, і на перакрыжаваныя сякеры бронзавага і жалезнага веку, і на скандынаўскую руну «Одал». Спарыш захаваўся ў беларускай ганчарнай традыцыі як два слоікі, змацаваныя паміж сабой, якія насілі касцам у поле. Арнаменты са спарышом пашыраныя ў беларускай вышыўцы, на ручніках і паясах.
Белы легіён
Сяргей Чыслаў тлумачыў выкарыстанне сімвала Белым легіёнам і ягонае значэнне:
Гэта наш Дом. Падобны элемент у старажытнасці мацаваўся на страсе хаты як абярэг. Для Легіёна гэта сімвал таго, што беларускі Дом знаходзіцца пад абаронай. Каларыстыка — белы, чырвоны і чорны колеры — таксама абраная не выпадкова. Тлумачэнне такое: чалавек (чырвоны) сягае вышыняў (белы), моцна стоячы нагамі на глебе (чорны)
Цікавыя факты
- Спарыш можна пабачыць на афіцыйным сцягу Рэспублікі Беларусі.
- Сцяг Белага легіёна — чырвонага колеру з белым знакам «спарышу» ў чорным коле — упершыню быў узняты на Дні Волі 25 сакавіка 1996 года[1].
- Затрыманы ў жніўні 1998 года Ігар Корсак, які распаўсюджваў улёткі Белага легіёна, быў таксама абвінавачаны ў «распаўсюдзе фашысцкай сімволікі», пасля намалявання на муры спарышу, аднак гэтае абвінавачванне было знятае пасля заключэння экспертаў-мастацтвазнаўцаў[1].
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ а б ГІСТОРЫЯ БЕЛАГА ЛЕГІЁНА Архівавана 22 чэрвеня 2021.